ВЯЛІ́КАЕ АСТРАВІ́ТА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 50 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,48 км², даўж. 1,22 км, найб. шыр. 570 м, найб. глыб. 6 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 1,1 км². Схілы катлавіны на Пн і У выш. 10—11 м, на З 4—5 м, на Пд да 3 м, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, паўд. — тарфяністыя. Мелкаводдзе да глыб. 2 м пясчанае. Надводная расліннасць утварае паласу ўздоўж берага шыр. да 10 м. Дно да глыб. 5 м выслана палушнікам азёрным, які занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Возера і прылеглая тэр. абвешчаны аднайм. гідралагічным заказнікам.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)